У кнігу выбраных прац вядомага польскага вучонага ўвайшлі артыкулы па дзяржаўна-прававой гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і праблемах нацыятворчых працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Выданне змяшчае найпаўнейшую бібліяграфію навуковых публікацый гісторыка.
Зборнік уключае артыкулы заходніх вучоных па тэорыі, метадалогіі і філасофіі гісторыі, якія ўпершыню публікаваліся ў перакладзе на беларускую мову на старонках БГА. Напісаныя ў розныя часы прадстаўнікамі розных плыняў і школ, яны адлюстроўваюць важны досвед развіцця сусветнай гістарыяграфіі ў апошнія дзесяцігоддзі ХХ ст.
Узнаўляючы рэальную гісторыю Другой сусьветнай вайны ў Беларусі, аўтар дасьледуе штодзённае жыцьцё людзей пад акупацыяй, дзейнасьць акупацыйнай адміністрацыі і праблему калябарацыі. Кніга асабліва каштоўная дзякуючы выкарыстанай аўтарам адмысловай мэтадалёгіі дасьледаваньня акупаванага грамадзтва і ўвядзеньню ў зварот новых архіўных матар’ялаў.
Кнігу вядомага польскага літуаніста складаюць артыкулы, прысвечаныя пераважна маладаследаваным праблемам сацыяльна-палітычнай і канфесійна-культурнай гісторыі ВКЛ. Выбраныя працы дэманструюць шырыню даследчыцкіх інтарэсаў і нетыповасць падыходу ў вучонага, заслужанага і для беларускай гістарыяграфіі.
У кнізе ўпершыню ўсебакова дасьледуюцца складаныя нацыянальна-рэлігійныя праблемы ўсходняга памежжа адроджанай польскай дзяржавы — абшару сутыкненьня і ўзаемапранікненьня розных культураў, веравызнаньняў і нацыянальных традыцыяў, на якім яшчэ захоўвалася памяць пра супольнае жыцьцё народаў даўняй Рэчы Паспалітай.
Праца прысьвячаецца гісторыі кляштару беларускіх айцоў-марыянаў у Друі ў пэрыяд між дзьвюма сусьветнымі войнамі мінулага стагодзьдзя на фоне тагачаснай палітычнай i рэлігійнай сытуацыі ў Заходняй Беларусі, a таксама ватыканскай усходняй палітыкі.
У кнізе вядомага польскага гісторыка даследуецца будова і функцыянаванне інстытутаў парламентарызму Вялікага Княства Літоўскага, паказваецца іх спецыфіка і адасобленасць ад каронных мадэляў, а таксама спробы ліцвінаў утрымаць раўнавагу з польскай Каронай.
У гэтай наватарскай кнізе Т. Снайдэр прасочвае шляхі фармавання польскай, украінскай, літоўскай і беларускай нацый ад стварэння Рэчы Паспалітай абодвух народаў да 1999 г. Аўтар даводзіць, што трыумфы мадэрнага этнічнага нацыяналізму ў гэтай частцы Усходняй Еўропы — з’ява досыць новая.
Ва ўспамінах вядомага беларускага гісторыка, якому выпала жыць за межамі Беларусі, адлюстравана ўся яе найноўшая гісторыя. Аўтар узнаўляе і ацэньвае перажытае, разважае пра шляхі беларускага самаўсведамлення. Успаміны дапаўняюцца дакументамі і спісам беларусазнаўчых прац гісторыка.