Паглядзець цалкам Хуткі поступ беларускага культурнага жыцьця яшчэ ў пачатку 1922 г. высунуў пытаньне аб складаньні больш-менш поўнага расійска-беларускага слоўніка, які зьяўляўся патрэбным, асабліва ў сувязі з беларусізацыяй, для самых шырокіх колаў беларускага грамадзтва. Заснаваны ў тым жа годзе Інстытут Беларускай Культуры абмеркаваў гэтае пытаньне і даручыў складаньне расійска-беларускага слоўніка С. М. Некрашэвічу і М. Я. Байкову, вызначыўшы разьмер слоўніка прыблізна каля 30 000 расійскіх слоў. Аднак у працэсе працы выявілася, што паказаным разьмерам слоўніка абмежавацца ня можна, — і пры заканчэньні працы вызначаны раней лік слоў павялічыўся больш, чымся ў два разы (звыш 60 000 расійскіх слоў). Закончаны апрацаваньнем у 1925 г. слоўнік у кастрычніку таго ж году быў пераданы для друку Дзяржаўнаму Выдавецтву, але з прычын тэхнічнага характару, галоўным чынам з-за адсутнасьці патрэбнай колькасьці шрыфтоў, друк слоўніка расьцягнуўся больш, чым на 2 гады, і быў скончаны, незалежна ад волі аўтараў, толькі ў пачатку 1928 г. У аснову слоўніка быў паложаны слоўны матар’ял, запісаны на карткі паводле выбаркі слоў аўтарамі з слоўнікаў беларускай мовы Ів. Насовіча («Словарь белорусского наречия»), Ул. Дабравольскага («Смоленский областной словарь») і Яз. Ціхінскага («Беларуска-польска-рускі слоўнік»), а таксама запісы слоў беспасярэдна з народнай мовы, зробленыя пераважна ў Бабруйшчыне. На падставе гэтых матар’ялаў з дадаткам слоў, выбраных з літаратурных твораў (Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны) і з народнай мовы (А. Сержпутоўскі, П. Шэйн, M. Federowski і інш.), а таксама выпускаў беларускай навуковай тэрміналёгіі (выданьне Інстытуту Беларускай Культуры), слоўнік быў укладзены ў аб’ёме, прыстасаваным да падрабязных слоўнікаў расійскай мовы, — Паўлоўскага «Русско-немецкий словарь» і Макарава «Русско-французский словарь» у іх апошніх выданьнях. Пры рэдагаваньні рабіліся прыраўнаньні да слоўнікаў: В. Ластоўскі «Руска-крыўскі слоўнік» (Коўна, 1924 г.), часткова — Ул. Даля «Словарь живого великорусского языка», М. Уманца і А. Спілкі «Словарь росийсько-український» (Львоў, 1893 г.), Дуброўскага «Полный словарь русского и польского языка» і Ф. Міклошыча «Краткий словарь шести славянских языков». Аднак ня ўсе беларускія словы, што знаходзіліся ў пэўных крыніцах, былі выкарыстаны пры перакладзе адпаведных расійскіх слоў. Так, напрыклад, з літаратурнай тэрміналёгіі (II вып. Беларускай навуковай тэрміналёгіі) не ўвайшлі ў слоўнік пераклады, якія там маюцца: «коллективизм — суспольнасьць», «комплектование — упоўналічваньне», «плагиат — творакрадзтва» і інш. Наагул аўтары імкнуліся ўхіляцца штучных новатвораў (нэалягізмаў) і давалі перавагу словам, што ўжо існуюць у народнай і літаратурнай мове. Аўтары таксама лічылі лішнім даваць і вузкаспэцыяльныя навуковыя тэрміны, якія маюцца ў выпусках Беларускай навуковай тэрміналёгіі. Што датыча перакладу расійскіх слоў на беларускую мову, то аўтары па магчымасьці імкнуліся даваць пераклады расійскіх слоў у розных іх значэньнях, аддзяляючы адно значэньне ад другога (у беларускай калёнцы) або цыфрамі (1, 2, 3…), або кропкай з коскай (за выключэньнем дзеясловаў). Адпаведныя да расійскіх слоў беларускія пераклады звычайна даюцца не адным беларускім словам, а некалькімі, з якіх першыя словы беларускай калёнкі, бліжэйшыя да расійскага слова, зьяўляюцца больш асноўнымі і больш пашыранымі ў літаратурнай мове, а далейшыя ад яго — сынонімамі і правінцыялізмамі — словамі, менш пашыранымі ў літаратурнай мове. Дзеля практычнага значэньня слоўніка зьвернута ўвага і на пераклад расійскай фразэалёгіі, хаця і ў абмежаваным ліку з прычыны нераспрацаванасьці беларускай фразэалёгіі. Само сабой зразумела, што дадзеныя прыклады беларускай фразэалёгіі для перакладу пэўных расійскіх зваротаў не зьяўляюцца выключнымі: тут, бязумоўна, магчымы і іншыя беларускія звароты. Абмежаваны памер слоўніка вымусіў аўтараў адмовіцца ад ілюстрацыі беларускіх слоў прыкладамі, што зьяўлялася б вельмі пажаданым, але што разам з тым значна павялічыла б слоўнік, які і без таго перавысіў вызначаны для яго памер (30 друк. аркушаў — запатрабаваньне Дзяржаўнага Выдавецтва). Беларускія словы ў слоўніку надрукаваны з націскам, за выняткам толькі літар «о» і «э», якія ў беларускай мове зьяўляюцца толькі пад націскам (за выключэньнем складаных і чужаземных слоў). З тае прычыны, што ў друкарні не знайшлося «і» з націскам, для адзначэньня націску на гэтай літары ўжыты курсыўны шрыфт (і). Правапіс слоўніка звычайны, прыняты ў беларускай літаратурнай мове, паводле прынцыпаў правапісу Тарашкевіча. Адхіленьнем ад правапісу Тарашкевіча зьяўляецца толькі правапіс ненаціскнога «о» ў чужаземных словах, якое ўсюды перадаецца праз «а». Аўтары ўвялі гэтае правіла, па-першае, дзеля яго прастаты, а значыць, каб і ўхіліцца ад лішніх памылак, якія б, калі прытрымлівацца правапісу Тарашкевіча, няўхільна зьявіліся б у такой працы, як слоўнік, дзе даецца правапіс цэлых тысяч чужаземных слоў; а па-другое, грунтуючыся на практыцы гэтага правапісу ў замежных беларускіх выданьнях і некаторых нашых (газ. «Савецкая Беларусь» і інш.). Гэтаму ж правілу падпарадкавана і злучэньне «лё» (lo) у чужаземных словах (філязофія, аналягічны) і злучэньне «іо» (бібліятэка, фізыяномія). Чужаземнае «е» ўсюды перадаецца праз «э». Толькі ў злучэньнях «ge», «ke», «che» ў адпаведнасьці да такіх абеларушаных слоў, як кепска, цукер, гестка, цынгель, шахер-махер, чужаземнае «е» перадаецца праз беларускае «е»; злучэньне «he» перадаецца праз «гэ» (гэрб). Адносна чужаземнага «е» яшчэ зроблена адхіленьне ў канчатках пасьля «н», дзе чужаземнае «е», адпаведна да такіх абеларушаных слоў, як каўнер, жаўнер, інжынер, блюзьнер, перадаецца праз «е»: піянер. Францускі суфікс «eur», што ў расійскім правапісе пішацца праз «ёр», у нашым слоўніку, падобна да прынятага ў літаратурным вымаўленьні такіх слоў, як рэжысэр, нэсэсэр, перадаецца праз «эр». Ад правапісу Тарашкевіча таксама зроблена адхіленьне ў беларускіх словах: запэўня’ць, упэўня’ць, запэўнéньне, якія пішуцца бяз аканьня, бо ў праціўным выпадку зьмяніўся б сэнс слова. Гаворачы аб правапісе слоўніка, трэба яшчэ сказаць аб падвойных формах слоў, якія ўжываюцца ў літаратурнай мове. Аўтары такія формы лічылі патрэбным азначаць; напрыклад, пані і паня. У мэтах эканоміі месца звычайна другая з падвойных форм паказваецца ў дужках; напрыклад, старá(э)нны, упро(á)шваць і г. д. Азначэньне гэтых паралельных форм, аўтары лічаць, будзе вельмі карысным і для правапіснай камісіі, якая будзе ўкладаць правапісны слоўнік беларускай мовы. Самі ж аўтары ня браліся ўзаконьваць адну з дзьвюх паралельных форм у беларускай мове, бо апошняя мэта, як і пытаньне беларускага правапісу, не ўваходзіла ў іх заданьні. Прыходзіцца яшчэ сказаць аб памылках, якіх ці мала трапіла ў слоўнік, асабліва ў першую яго частку. Тлумачацца яны прычынамі як тэхнічнага характару (друкарня давала аўтарам толькі дзьве карэктуры; навіна справы для друкарні і неспрактыкаванасьць наборнікаў), а таксама і тым, што падчас друку першай часткі слоўніка адзін з аўтараў знаходзіўся ў доўгатэрміновай адлучцы. Зразумела, што ў слоўніку знойдуцца і няўхільныя недакладнасьці ў перакладзе паасобных расійскіх слоў і зваротаў, знойдуцца і спрэчныя пераклады, і простыя памылкі, і пропускі патрэбных расійскіх слоў і трапных беларускіх слоў з жывой мовы, якія часткова тлумачацца пахібай аўтараў, а часткова і тым станам беларускай літаратурнай мовы, у якім яна знаходзілася пяць год назад, калі складаўся слоўнік. Падобныя словы, як вылучэнец, абежнік, адносьнік, тады не існавалі. А колькі трапных слоў стварыла за гэты час жыцьцё! Аднак галоўнай перашкодай для аўтараў слоўніка была адсутнасьць папярэдняй працы выбаркі слоў з літаратурнай мовы. Бязумоўна, што цяпер, калі Слоўнікавай камісіяй Інбелкульту арганізаваны шырокі збор слоў з народнай мовы і зроблена выбарка слоў бадай з усіх крыніц літаратурнай мовы (да 1 студзеня 1928 году сабрана звыш 360 000 картак), можна было б скласьці больш дасканалы слоўнік. Але тады, калі аўтары апрацоўвалі свой слоўнік, яны толькі мелі з надрукаванага слоўнага матар’яла слоўнік Насовіча, Дабравольскага ды невялічкі слоўнік Гарэцкага. Заўважаныя хібы слоўніка часткова выпраўлены ў «Дадатках» і «Папраўках», але больш дакладна могуць быць выпраўлены толькі ў наступным выданьні слоўніка. Усіх асоб, якія могуць зрабіць выпраўленьні слоўніка, аўтары, зараней выказваючы ім сваю шчырую падзяку, просяць дасылаць свае заўвагі на адрас Камісіі для ўкладаньня слоўніка жывой беларускай мовы Інстытуту Беларускай Культуры. Усім асобам, якія дапамагалі пры ўкладаньні слоўніка, а асабліва Ўл. В. Чаржынскаму, які прачытаў слоўнік у рукапісе на літары А—О, і Бр. І. Эпімаху-Шыпілу, якім чыталіся некаторыя сшыткі рукапісу слоўніка і карэктурныя адбіткі, аўтары прыносяць сваю шчырую падзяку. Дадаткі да слоўніка зроблены на падставе «Віцебскага краёвага слоўніка», выданага ў 1927 г., «Практычнага вайсковага слоўніка», выданьне (1927 г.) Вайсковай камісіі пры Інстытуце Беларускай Культуры, рукапісных слоўнікаў Шпілеўскага і Мядзьведзкага, якія маюцца ў аўтэнтыку ў Ленінградзкай Усесаюзнай Акадэміі Навук, «Слоўніка граматычна-лінгвістычнай тэрміналёгіі» (XV выпуск Беларускай навуковай тэрміналёгіі, Менск, 1927 г.), а таксама выпускаў навуковай тэрміналёгіі, скончаных апрацаваньнем ужо пасьля друку адпаведных аркушаў слоўніка. Дададзены таксама словы, пропуск якіх наагул заўважаны аўтарамі. Аўтары 5 студзеня 1928 году