Паглядзець прадмову цалкам Беларуская інтэлігенцыя, яе ідэі, лёс, духоўная спадчына чакаюць неабыякавага да будучыні свайго народа гісторыка. Самыя буйныя постаці нашай інтэлігенцыі эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі — Францыск Скарына, Сымон Будны, Мікола Гусоўскі — навукова асэнсаваныя сучаснай беларускай гуманітарыстыкай ды знайшлі вобразнае ўвасабленне ў красным пісьменстве, выяўленчым мастацтве. Тыя ж, хто на пачатку XX ст. усвядоміў сябе беларусам, практычна рэалізоўваў беларускую ідэю, адбудоўваў беларускую дзяржаўнасць, — браты Іван і Антон Луцкевічы, Алесь Бурбіс, Казімір Кастравіцкі, Аляксандр Уласаў, Алаіза Пашкевічанка, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Вацлаў Ластоўскі, Аляксандр Цвікевіч, Язэп Лёсік, Аляксандр Прушынскі, Максім Гарэцкі, Зміцер Жылуновіч, Фабіян Шантыр, Язэп Дыла, Язэп Варонка, Палута Бадунова, Аркадзь Смоліч, Браніслаў Тарашкевіч, Канстанцін Езавітаў, Пётра Крэчэўскі, Томаш Грыб, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Аляксандр Чарвякоў, Усевалад Ігнатоўскі, Ігнат Буйніцкі, Францішак Аляхновіч, Фларыян Ждановіч, Леапольд Родзевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Ігнат Канчэўскі — яшчэ чакаюць сваіх удумлівых даследчыкаў, сваіх мастакоў слова, пэндзля і разца. Гэта іх высілкамі і ўспамогай дзесяткаў іншых рупліўцаў, тут не названых, заснаваныя першая беларуская палітычная партыя БСГ, беларускі перыядычны друк, кніжныя выдавецтвы ў Пецярбургу, Вільні, Менску, паўстаў нацыянальны тэатр і першы навуковы цэнтр — Інбелкульт. І перадусім, і гэта галоўнае: беларускі народ у найноўшай гісторыі ўпершыню ласне голасам гэтага пакалення інтэлігенцыі патрапіў публічна заявіць аб сваім законным праве быць гаспадаром на ўласнай зямлі, гістарычным актам 25 сакавіка 1918 года правамоцна засведчыў аб суверэнітэце, незалежнасці Беларусі. Трагічная страта нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі 1920—1930-х гадоў драматычна азываецца ў лёсе беларускага народу яшчэ і сягоння. Толькі ўласная дзяржаўнасць здольная забяспечыць кожнаму народу як этнічнай супольнасці поўную рэалізацыю закладзеных у ім прыродай, космасам, Богам патэнцый, інтэлектуальных, мастацкіх, сацыяльна-вытворчых мажлівасцяў. Толькі дзяржаўнасць, уласная гаспадарственнасць у стараліцвінскім разуменні гэтага паняцця — надзейны шчыт абароны этнасу ад дэструктыўных сілаў, гарант вечнага быцця яго. Справа жыцця цэлай кагорты думных прадстаўнікоў нашага народу, іх запаветы, памяць пра іх — святая для беларусаў. Яны абавязваюць нас застацца еўрапейскай нацыяй. Творчая спадчына беларускай інтэлігенцыі мінуласці — актуальная сягоння і заўтра. Яна нясе ў сабе пазнаку высокага інтэлекту, грамадскай руплівасці, сыноўскай любові і самаахвярнасці. У прапанаванай увазе чытача кнізе змешчаныя нарысы-партрэты асобных палітыкаў, непасрэдных творцаў беларускай дзяржаўнасці. Асноўны ж корпус кнігі складаюць артыкулы, міні-манаграфіі, эцюды, прысвечаныя жыццю і дзейнасці вучоных, якія выпрацоўвалі канцэпцыі гістарычнага шляху беларускага народу, яго культуры, літаратуры. Пасільная ўвага ўдзеленая мастакам, заснавальнікам беларускай школы жывапісу і графікі, энтамузыколагам, творцам беларускай музычнай культуры заснаванай на народных яе вытоках. Кніга ўключае некалькі літаратурных партрэтаў і эцюдаў паэтаў, пераважна 1920-х гадоў, а таксама сціслы агляд мастацкай літаратуры колішняй Заходняй Беларусі. Думаю, не з’яўляецца выпадковым у кнізе пра беларускую адраджэнскую інтэлігенцыю і накід сілуэтаў таленавітых носьбітаў багатай фальклорнай традыцыі народу. Звычайна гэта людзі тонкага душэўнага складу. У заключэнне скажам, што аўтар прапанаванага чытачу выдання цалкам падзяляе правідэцыйны погляд вядомага беларускага палітычнага дзеяча, філосафа, гісторыка і эканаміста, аднаго з дойлідаў беларускай дзяржаўнасці Аляксандра Цвікевіча, выказаны ім у 1920 годзе: “…Беларускі народ у скорым часе дасць славянству і ўсяму свету яскравыя доказы свайго ўваскрэсення і прынясе на раскошны алтар людской цывілізацыі плён свайго нацыянальнага генія, найлепшыя кветкі свайго вызваленага духу”. Што да гісторыі беларускай інтэлігенцыі, то, веру, яна будзе напісаная будучымі вучонымі, маладымі прадстаўнікамі сучаснага беларускага Адраджэння, шчаслівейшымі за іх папярэднікаў. Зарае ж над светам XXI стагоддзе.