Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. – 368 с.
ISBN 978-83-60456-07-1
Алег Латышонак – гісторык, ад’юнкт-прафэсар катэдры гісторыі беларускай культуры ўнівэрсытэту Беластоку. Акрамя прадстаўленага выданьня, выйшлі таксама ягоныя кнігі "Жаўнеры БНР" і "Нацыянальнасьць – Беларус".
Яўген Мірановіч – гісторык, грамадзка-культурны дзеяч. Мае ступень доктара гуманітарных навук. Прафэсар Беластоцкага ўнівэрсытэта. Галоўныя кірункі дасьледаваньняў – беларуска-польскія стасункі, беларускі нацыянальны рух у Польшчы, найноўшая гісторыя Польшчы і Беларусі.
Гэтая кніга – пераклад з пэўнымі ўдакладненьнямі і дапаўненьнямі польскамоўнага падручніка, створанага ў 2002 г. аўтарамі – беластоцкімі беларусамі, адпаведна з зацьверджанай Міністэрствам нацыянальнай адукацыі Польшчы праграмай вывучэньня беларускай і рэгіянальнай тэматыкі ў якасьці дадатку да праграмы вывучэньня гісторыі ў пачатковых і сярэдніх школах у былым Беластоцкім ваяводзтве. Хоць асноўнай мэтавай аўдыторыяй дадзенага падручніка зьяўляліся беларусы, якія сёньня жывуць у Польшчы, цікавасць яна ўяўляе і для жыхароў мэтраполіі, г. зн. Рэспублікі Беларусь. Ужо на самым пачатку кнігі, ва ўступе, аўтары прадэкляравалі, што "мы будзем адстойваць перш за ўсё беларускі, а ня польскі пункт гледжаньня на гістарычныя падзеі, але без празьмернага шанаваньня беларускіх гістарычных мітаў".
Аргументуюць аўтары і не зусім традыцыйны падыход да выбару храналягічнага пэрыяду, які ахопліваецца ў межах дадзенага выданьня:
Як у польскай, так і ў беларускай гістарыяграфіі прынята лічыць этапнай для гісторыі абедзьвюх краінаў дату апошняга падзелу Рэчы Паспалітай – 1795 год. На нашу думку, такі падыход у дачыненьні да гісторыі Беларусі некарэктны. Калі казаць пра падзелы, дык ужо ў выніку першага падзелу 1772 г. большая частка беларускіх земляў, да таго ж самых багатых і найбольш шчыльна заселеных, апынулася пад расейскім панаваньнем. Акрамя таго, працэс далучэньня населеных беларусамі земляў да Расейскай імпэрыі ня скончыўся і ў 1795 г., а працягваўся да 1815 г., калі пад расейскай уладай апынулася паўднёвае Падляшша ў межах Царства Польскага. А паколькі мы маем дачыненьне з працяглым працэсам паглынаньня беларускіх земляў Расейскай імпэрыяй, то, на нашу думку, зусім дарэчы будзе нагадаць, што гэты працэс быў адноўлены спробай ліквідацыі аўтаноміі Смаленшчыны, зробленай Кацярынай ІІ яшчэ да першага падзелу Рэчы Паспалітай, а яшчэ раней была спроба імпэратрыцы Лізаветы забраць ад Рэчы Паспалітай усходнюю Беларусь. Таму мы палічылі патрэбным распачаць выкладаньне падзеяў зь сярэдзіны ХVІІІ ст., калі стан адноснай цывілізацыйнай раўнавагі зьмяніўся вельмі магутным памкненьнем да мадэрнізацыі дзяржавы і грамадзтва як у Рэчы Паспалітай, так і ў Расеі, якая перайшла да чарговага этапу рэформаў. Мадэрнізацыйныя працэсы ў абедзьвюх краінах былі падобныя адзін да аднаго (улічваючы адставаньне Расеі). Празь некалькі дзесяцігодзьдзяў нявызначаным было толькі пытаньне, паводле польскага ці паводле расейскага ўзору будзе мадэрнізавацца Беларусь. Сіла Расейскай імпэрыі перадвызначыла тое, што Беларусь у часы цараваньня Мікалая І канчаткова была змушаная прыняць расейскі ўзор, а ў ХХ ст. – савецкі. Дзеля гэтага гісторыя Беларусі зь сярэдзіны ХVІІІ ст. да канца ХХ ст. – гэта гісторыя цывілізацыйнага адасабленьня ад Польшчы гэтай краіны і яе сучаснай нацыі, якая толькі фармавалася...
У канцы 20-ых гадоў мінулага стагодзьдзя ўсім было зразумела, што з беларускім рухам варта лічыцца. І выбудоўваць сваю палітыку з аглядкай на шматлікія беларускія асяродкі. Таму ў 1928 г. у Варшаве выйшла кніга "Кароткі нарыс беларускага пытаньня", прызначаная для службовага карыстаньня агентамі польскіх спэцслужбаў.
Гэтая кніга зьяўляецца лягічным працягам папярэдніх выданьняў твораў Антона Луцкевіча: "Да гісторыі беларускага руху" (Менск, 2003) і "Выбраныя творы: Праблемы культуры, літаратуры і мастацтва" (Менск, 2006).
У гэтым выданьні пад адной вокладкай сабраныя практычна ўсе найбольш значныя працы вядомага беларускага гісторыка з Варшавы Юр’я Туронка, у тым ліку рэвалюцыйныя для свайго часу "Вацлаў Іваноўскі і ідэя адраджэньня Беларусі" і "Беларусь пад нямецкай акупацыяй".